Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Новости

22.10.2022

ВАНДРУЕМ З ПРАФСАЮЗАМ. "ЗЯМЛЯ ТАЛЕНТАЎ"

Зямля талентаў

На дварэ цудоўная пара – бабіна лета. У золата афарбаваліся дрэвы, радуюць вока стракатыя аксаміткі, а неба зачароўвае сваім глыбокім блакітам… Вось такім прыгожым  кастрычніцкім днём прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі г. Пінска і накіраваліся на экскурсію ў суседні Іванаўскі раён на радзіму славутага мастака, пісьменніка, вучонага і кампазітара Напалеона Орды.

На парозе музея ў вёсцы Варацэвічы нас гасцінна сустрэла экскурсавод Ларыса Георгіеўна Дрычыц. Ад яе мы даведаліся пра гісторыю стварэння музея і пра тое, што Музейны комплекс імя Напалеона Орды складаецца з карціннай галерэі, музея і сядзібы Ордаў.

У першай зале музея мы пазнаёміліся з дзяцінствам Напалеона Орды і  яго сям’ёй. Тут прадстаўлены дакументы і фотаздымкі, якія даказваюць прыналежнасць Напалеона Орды да гэтых палескіх мясцін, да Іванаўскай зямлі. У наступных залах экспануюцца кнігі, карціны і шматлікія рэчы, якія расказваюць пра розныя перыяды жыцця мастака: яго вымушаную эміграцыю, жыццё і працу ў Парыжы, сяброўства з Фрыдэрыкам Шапэнам,  вяртанне на радзіму і пошукі «рэштак нашага мінулага”. Уся экскурсія ў музеі праходзіла на фоне музыкі, напісанай Ордам, і гэтая мелодыя дапамагала перанесціся ў далёкае 19 стагоддзе і адчуць дух, атмасферу таго часу.

Багаццем фарбаў, адкрытых твараў і беларускіх пейзажаў уражвае і карцінная галерэя. Выстава “Ордаўскія прасторы” знаёміць з карцінамі сучасных мастакоў, якія збіраюцца ў Варацэвічах на свае пленэры. У асобных залах галерэі выстаўлены творы палескіх мастакоў Янкі Рамановіча і Аляксея Кузьміча. Тут яшчэ раз пераконваешся ў тым, што зямля наша здольна  нараджаць таленавітых людзей. Такім жа таленавітым і апантаным чалавекам з’яўляецца і наш экскурсавод Ларыса Георгіеўна.

Ад’ехаўшы ад Варацэвіч некалькі кіламетраў, мы трапілі ў сядзібны дом Ордаў, дзе 11 лютага 1807 года ў сям’і Міхаіла і Юзэфіны Ордаў нарадзіўся сын Напалеон. Аднавіць сядзібу ў аўтэнтычным выглядзе дапамаглі малюнкі Н.Орды і інвентарнае апісанне 1835 года, знойдзенае ў архівах. Усе дванаццаць пакояў дома паказваюць жыццё заможнай шляхты. Антыкварная мэбля, посуд, прадметы побыту ўражваюць сваёй прыгажосцю і даюць магчымасць убачыць, у якіх умовах праходзіла станаўленне асобы Напалеона Орды. Мы былі ў захапленні не толькі ад выстаўленых экспанатаў, але і ад таго, з якой пашанай ставіцца да іх маладая супрацоўніца музея, як умела падкрэслівае асобныя дэталі і прыкметы таго ці іншага мастацкага стылю.

А потым дарога прывяла нас у вёску Срэльна,  у “Дом траўніка”. Гаспадыня нас сустэла ў нацыянальным строі,  у руках яна трымала кошык, напоўнены лекавымі травамі. А які водар стаіць у будынку! Загадчыца музея Галіна Іванаўна Вайцяшчук расказала, што тут захоўваецца больш чым 120 духмяных экспанатаў з рэцэптамі, якія прайшлі выпрабаванні стагоддзямі. А яшчэ нас частавалі смачнай гарбатай. І захацелася сюды вярнуцца, каб адпачыць душою і напоўніцца сілай, якая захоўваецца ў кожнай зёлачцы, што ўзрасла на нашай шчодрай зямлі.

І хочацца выказаць шчырыя словы падзякістаршыні Савета ветэранаў Горыш Феафаніі Фёдараўне і  ўсім тым, хто зладзіў нам гэтае цікавае падарожжа.

Мельнік Галіна Пятроўна, член савета ветэранаў ДУА "Сярэдняя школа №7 г.Пінска".   

Фотоматериалы

Разделы сайта

Полезные ссылки

Обратите внимание